«Нават урачы не могуць сысціся на адной думцы». Беларуска расказвае, як жыць з дзвюма маткамі і чаму пра гэта трэба гаварыць

«Нават урачы не могуць сысціся на адной думцы». Беларуска расказвае, як жыць з дзвюма маткамі і чаму пра...
У 17 гадоў Саша даведалася, што ў яе дзве маткі – рэдкая анатамічная асаблівасць, якая ўплывае на цыкл, боль падчас месячных і цяжарнасць. CityDog.io паразмаўляў з ёй, як жыць з гэтым, чаму нават урачы не могуць прыйсці да адзінага меркавання і чаму пра жаночае здароўе трэба гаварыць адкрыта.

У 17 гадоў Саша даведалася, што ў яе дзве маткі – рэдкая анатамічная асаблівасць, якая ўплывае на цыкл, боль падчас месячных і цяжарнасць. CityDog.io паразмаўляў з ёй, як жыць з гэтым, чаму нават урачы не могуць прыйсці да адзінага меркавання і чаму пра жаночае здароўе трэба гаварыць адкрыта.

«Трэд па-мінску» – наша рубрыка, у якой у папулярным твітар-фармаце «адзін лайк – адзін факт» мы расказваем гісторыі мінчан, пра якія звычайна маўчаць.

Праблемы з месячнымі ў мяне былі заўсёды

– Калі я даведалася пра сваю асаблівасць, мне было 17 гадоў. Да таго ў мяне ўжо былі праблемы з месячнымі: моцны боль; бывала, што нават амаль ванітавала. Але ўсе вакол казалі, што гэта нармальна, і раілі выпіць таблеткі дротаверыну, каб боль прайшоў. Часам балела не толькі ў жываце, але і ў спіне. Плюс быў моцны ПМС.

Потым месячныя пачалі знікаць, прыходзілі раз на два месяцы. Я думала, што гэта з-за стрэсу, бо якраз збіралася паступаць ва ўніверсітэт, страшна перажывала.

Думала: можа, у мяне рак альбо «чужы» ў жываце

– У выніку я пайшла да гінеколага ў дзіцячую паліклініку. Памятаю, як сяджу на УГД, доктарка глядзіць на экран, нешта каментуе, а потым раптам замаўкае. Мне ўжо ніякавата, але я ўсё яшчэ не разумею, што адбываецца. Потым гэта жанчына – гадоў васьмідзесяці, напэўна, – проста ўстае і кажа ісці за ёй.

Мы выходзім з паліклінікі ў бок дзіцячай бальніцы, ніхто нічога мне не тлумачыць. А я толькі думаю: можа, у мяне рак, альбо «чужы» ў жываце, альбо я зацяжарыла ад святога духа. На той момант я не мела ніякага сексуальнага досведу, таму цяжарнасць была дакладна не пра мяне.

Прыходзіць яшчэ адна доктарка, яны абедзве глядзяць мой здымак і нешта абмяркоўваюць, а потым вяртаюцца назад і нарэшце кажуць, што ў мяне двайная матка.

Часам мая асаблівасць – жарт на тусоўках

– Доктарка растлумачыла, што гэта паталогія, з якой нараджаюцца, і фарміруецца арганізм яшчэ ў жываце маці. Ёсць розныя віды анамалій, нічога з гэтым не зробіш, такая анатомія. Яна яшчэ згадала магчымы ўплыў курэння маці падчас цяжарнасці. Але мая маці дакладна так не рабіла, таму не ведаю, чаму так адбылося.

Я стаўлюся да сваёй асаблівасці спакойна. Гэта частка мяне, і яна ўплывае на тое, як я сябе адчуваю, асабліва падчас месячных. Калі я пачала адкрыта гаварыць пра гэта, часта даводзілася тлумачыць, як усё працуе і чаму мне бывае балюча. З часам людзі сталі ставіцца з разуменнем, і цяпер, калі я адмяняю сустрэчу ці прашу выхадны, ніхто ўжо не пытаецца «чаму». Гэта вядомы факт пра мяне, часам нават жарт на тусоўках.

Нават урачы не могуць сысціся на адной думцы, якія ў мяне маткі

– Часам мне сапраўды бывае вельмі дрэнна, і хацелася б, каб усё было прасцей, як у іншых, каб не перажываць гэты боль. Але я ўспрымаю гэта як ёсць.

Хацелася б больш разумення, бо нават ва ўрачоў няма адзінага меркавання. Адны кажуць, што ў мяне двурогая матка, другія – дзве асобныя, трэція – падвойная. Я ўжо і сама дакладна не ведаю, што ў мяне, ведаю толькі, што маткі дзве: адна крыху меншая, але абедзве працуюць. Гэта не проста нейкі рудымент.

Колькі ў мяне похваў, таксама незразумела. Магчыма, адна, а можа, дзве. Кажуць, што дакладна гэта становіцца вядома толькі падчас родаў або на МРТ, якое я пакуль не рабіла. На УГД розныя ўрачы казалі рознае, але ўсе пацвярджалі, што дзве маткі могуць быць прычынай маіх боляў і таго, што крыві больш, бо, калі яны абедзве скарачаюцца, усё адчуваецца мацней.

Девушка держит в руках менструальную чашу и прокладку.

Ілюстрацыйнае фота: Oana Cristina, Unsplash.com.

Заўсёды карыстаюся самымі тоўстымі пракладкамі, бо крыві вельмі шмат

– Звычайна месячныя доўжацца пяць-шэсць дзён, і першыя дні самыя цяжкія. Крыві ідзе шмат, і разам з гэтым прыходзіць боль. Мне заўсёды прыходзіцца карыстацца самымі тоўстымі пракладкамі, каб не мяняць іх кожныя некалькі гадзін.

Калі я ўпершыню даведалася пра сваю асаблівасць, мне параілі пачынаць піць німесулід за тры дні да месячных, каб было менш балюча. Але праблема ў тым, што цыкл у мяне вельмі нерэгулярны. Я ніколі не ведаю, калі менавіта пачнуцца месячныя, таму гэтыя парады не заўсёды працуюць. Таблетку часта атрымліваецца прыняць толькі тады, калі ўсё ўжо пачалося. За ўсе гэтыя гады ні разу не атрымалася пачаць загадзя.

Дротаверын мне ніколі не дапамагаў, ён проста не дзейнічае. Да таго, як я пайшла да гінеколага, часта піла звычайныя болесуцішальныя па некалькі штук у дзень, каб хоць трошкі адчуць палягчэнне. А вось німесулід сапраўды працуе: адной дозы хапае на паўдня, асабліва ў першыя пару дзён, калі боль наймацнейшы.

СityDog.io раіць не прымаць любыя лекі без папярэдняй кансультацыі з урачом.

Не магу карыстацца тампонамі альбо менструальнымі чашамі

– Я дакладна ведаю, што ў мяне дзве маткі, але ў тым, ці дзве ў мяне похвы, не ўпэўнена. Калі ў мяне толькі пачаліся месячныя, хацела навучыцца карыстацца тампонамі. Мне здавалася, што гэта зручна: можна пайсці паплаваць або проста адчуваць сябе камфортна. Але, колькі б я ні спрабавала, усё роўна працякала. Я думала, што нешта раблю не так, бо была маладая і не разумела, чаму не атрымліваецца.

Цяпер мне здаецца, што праблема можа быць у анатоміі. Калі дзве похвы або перагародка, тампон стаіць няправільна. Таму ні тампоны, ні менструальныя чашы мне не падыходзяць. Даводзіцца карыстацца пракладкамі або менструальнымі трусамі. Гэта абмежаванні, з якімі я ўжо прывыкла жыць.

Тэарэтычна цяжарнасць можна наступіць у абедзвюх матках адначасова або ад розных мужчын

– У мяне часта пытаюцца, ці не больш у мяне крыві, ці балюча падчас месячных, як гэта ўплывае на цела. Але размова хутка пераходзіць у пытанне, ці магу я зацяжарыць і нарадзіць. На самой справе цяжарнасць і роды пры такой анатоміі могуць быць складанымі.

Калі ёсць перагародка ў матцы, яе часам выдаляюць, і тады ўсё становіцца больш-менш нармальна. Таксама бывае перагародка ў похве. Яе аперыруюць, і пасля жанчыны могуць нараджаць без праблем.

Шмат хто нават не ведае, што ў яе дзве маткі, пакуль не цяжарыць або не трапляе ў радзільню. Бываюць выпадкі, калі гэта становіцца сюрпрызам падчас родаў. Чытала ў артыкулах, што цяжарнасць можа наступіць у абедзвюх матках адначасова або нават ад розных мужчын. Гэта здаецца дзіўным, але ў прыродзе такое бывае, напрыклад, у катоў. У чалавека гэта рэдкасць, але тэарэтычна магчыма.

Девушка держит в руке разрезанный апельсин.

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey, Unsplash.com.

Рада, што не было тых, хто жартаваў пра дзве дзіркі

– Усе мае партнёры з’явіліся ўжо пасля таго, як я даведалася пра сваю асаблівасць, і я заўсёды казала пра гэта адкрыта. Ніхто ніколі не рэагаваў дрэнна. Таму што ніхто не павінен жартаваць у стылі «што, у цябе дзве дзіркі?». Такога ніколі не было, але адразу было б зразумела, што з такім чалавекам мне не па дарозе: у нас проста розныя ўзроўні павагі да жаночага цела.

Часам партнёры трошкі здзіўляюцца, але звычайнай размовы цалкам дастаткова. Яны могуць даведацца, як я сябе адчуваю падчас месячных, ці цікавяцца, як мне падчас сексу. Асабліва расказваць пра гэта няма чаго, у гэтым усё звычайна.

Замест сораму – неразуменне, чаму пра праблемы жаночага цела амаль не размаўляюць

– Я не адчувала сораму – можа, таму што ўжо была дарослая, калі даведалася пра дзве маткі. На той момант я ужо скончыла школу, і мне было прасцей прыняць, што нешта ў маім целе працуе не так, як у іншых людзей.

Але мне вельмі шкада, што ўвогуле пра наяўнасць дзвюх матак ведае так мала людзей і яшчэ менш расказвае. Магчыма, гэта таму, што вакол усяго, што датычыцца гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя жанчыны, існуе вялікая стыгма.

У рэкламе паўсюдна паказваюць імпатэнцыю і розныя штукі для мужчын, а вось пра менструацыю ці праблемы жаночага цела амаль нічога. Нават нейкая сіняя вадкасць замест крыві на рэкламе ў пракладках па тэліку. Гэта стварае адчуванне, што пра жаночае здароўе трэба маўчаць.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter