З 12 па 25 лістапада ў галерэі BWA Warszawa пройдзе выстава «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў», прысвечаная 25-годдзю фонду WWF Polska. Куратаркай праекта стала беларуска Вольга Мжэльская, якая жыве і працуе ў Варшаве.
Фонд WWF Polska, які займаецца аховай дзікай прыроды, адзначае сваё 25-годдзе пад дэвізам «Мастацтва абароны прыроды». Да гэтай падзеі 28 мастакоў і мастачак з Беларусі і Польшчы стварылі сумесны праект, які аб’ядноўвае мастацтва і экалагічную свядомасць.

Афіша выставы. Фота: Вольга Мжэльская.
Выстава зроблена па матывах руху rewilding – ідэі аднаўлення экасістэм і вяртання тэрыторый у іх натуральны, «дзікі» стан. Яна прапануе паглядзець на прыроду не як на рэсурс, а як на роўнага партнёра чалавека. Сярод удзельнікаў – вядомыя польскія аўтары Ёанна Райкоўская, Цэцылія Малік, Кшыштаф Бяднарскі, а таксама беларускія мастакі Аляксандр Адамаў і Васіліса Паляніна.
Вернісаж выставы адбудзецца 12 лістапада ў 19:00. Куратарскія экскурсіі запланаваны на 15 і 23 лістапада.
Завершыць праект дабрачынны аўкцыён у доме DESA Unicum. Усе сродкі ад продажу будуць пералічаны на выкуп зямель у ахоўнай зоне Бебжанскага нацыянальнага парку на Падляшшы і стварэнне прыватнай прыродаахоўнай тэрыторыі. Плануецца, што WWF Polska выкупіць як мінімум 5 гектараў зямлі, што дапаможа захаваць месцы пражывання рэдкіх відаў птушак і знізіць выкіды CO₂ на 5250 тон у год.
Папярэдні анлайн-аўкцыён пачнецца 12 лістапада, а жывы пройдзе 23 лістапада ў Варшаве.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















