Учора, 9 снежня, МЗС Беларусі паведаміла, што ткацтва з Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці стала сёмым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які атрымаў міжнароднае прызнанне. Рашэнне аб уключэнні прыняў Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) у ходзе 20-й сесіі ў Нью-Дэлі, Індыя.
Неглюбскае ткацтва шануюць за багацце колераў і складаныя арнаменты. У адным ручніку майстрыхі могуць спалучаць да 25 адценняў, ствараючы шматслаёвыя кампазіцыі на аснове больш чым 120 традыцыйных узораў.

Неглюбскае ткацтва. Фота: Mfa.gov.by.
Многія матывы заснаваны на старажытнай сімволіцы і звязаны з пажаданнямі шчасця, здароўя і дабрабыту. Сярод самых вядомых элементаў – «крывулі», «павукі» і «яблынька», якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне на працягу стагоддзяў.
Важная асаблівасць традыцыі – яна не стала «музейнай». Мясцовыя жыхары працягваюць выкарыстоўваць вырабы ў побыце, а майстрыхі навучаюць моладзь тэхніцы ручнога ткацтва і вышыўкі, захоўваючы рамяство жывым.
На сённяшні дзень у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо ўваходзяць сем беларускіх элементаў:
- калядны абрад «Калядныя цары» з вёскі Семежава,
- вясновы «Юр’еўскі карагод» з вёскі Пагост,
- Будслаўскі фэст – свята ў гонар абраза Божай Маці,
- культура бортніцтва (сумесна з Польшчай),
- саломапляценне,
- выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















