У самым цэнтры Мінска, на вуліцы Рэвалюцыйнай, 32, у лістападзе пачаў працу ў тэставым рэжыме рэстаран-музей Lidbeer, у якім на трох паверхах паказваюць гісторыю беларускага піваварства.
На кожным узроўні свая эпоха. Першы паверх аформлены як сярэднявечная карчма: масіўныя дубовыя сталы, прыглушанае святло і каваныя элементы перадаюць атмасферу таго часу, піша партал Tochka.by.


Інтэр’ер рэстарана – музея піва. Фота: lidbeermuseum, Instagram.com.
Далей наведвальнікі трапляюць у эпоху мадэрна. Гэта зала нагадвае піўную ўстанову канца XIX – пачатку XX стагоддзя: мэбля з гладкімі лініямі, крыштальныя люстры і гукі піяніна ствараюць настрой «свецкага» адпачынку, якім у той час было піва.
Наступная зала прысвечана савецкай эпохе. Тут усё вытрымана ў стылі рэстаранаў СССР: на сценах – агітацыйныя плакаты, на сталах – легендарныя гранёныя шклянкі і піўныя кубкі, у меню – «Папараць-кветка».
На трэцім паверсе – галоўная частка музея, экспазіцыя «Летапіс завода: ад 1876 да нашых дзён». Яна цалкам прысвечана гісторыі Лідскага бровара. Госці могуць убачыць архіўныя матэрыялы, асабістыя рэчы заснавальнікаў, старыя этыкеткі і ўзоры сучаснай прадукцыі. Экспазіцыя паказвае шлях завода ад яго адкрыцця ў 1876 годзе лідскім мяшчанінам Носелем Пупко да становішча аднаго з ключавых вытворцаў у Беларусі.
У музеі даступныя экскурсіі двух фарматаў: з дэгустацыяй напояў або з дэгустацыяй напояў і страў беларускай кухні розных гістарычных эпох.
Меню дастаткова вялікае і разнастайнае: хатнія мясныя закускі, асноўныя стравы, супы, дэсерты і кактэйлі. Ёсць таксама стравы розных эпох: Сярэднявечча, мадэрн і СССР.
Дарэчы, ужо ў 2023 годзе стала вядома, што каманда Lidbeer працуе над адкрыццём рэстарана-музея, прысвечанага гісторыі беларускай кухні і піваварства. У сваім інстаграме яны пісалі, што «для нас гэта не проста чарговы бар, а спроба адкрыцця культурнай прасторы, напоўненай гісторыяй. На трох паверхах мы паспрабавалі прайграць атмасферу сваіх эпох, напоўненую гісторыяй, арыгінальнымі артэфактамі, прадметамі, музыкай. Сярэднявечча, мадэрн, савецкая зала і – вяршыня нашай гісторыі – паверх “Лідскае”. Кухня, якая адпавядае сваім эпохам, падаецца ў адпаведным посудзе».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















