Біпалярнае расстройства – псіхічны стан з рэзкімі перападамі настрою, маніякальнымі і дэпрэсіўнымі фазамі. Нашай сённяшняй гераіні Ані 24 гады. Амаль тры гады таму ёй паставілі гэты дыягназ. CityDog.io пагаварыў з дзяўчынай пра сімптомы, першы кантакт з псіхіятрам, а таксама пра цяжкасці пасля няправільна падабраных лекаў.
«Трэд па-мінску» – рубрыка, у якой у папулярным фармаце «адзін лайк – адзін факт» мы расказваем гісторыі мінчан, пра якія звычайна маўчаць.
«Двое маіх доўгіх адносін былі з людзьмі, у якіх таксама было біпалярнае расстройства»
– Пра свой дыягназ я даведалася, калі мне было дваццаць. Да таго часу я жыла, нават не падазраючы, што нешта можа быць не так.
Цікава, што абодва мае доўгія адносіны былі з людзьмі, у якіх таксама было біпалярнае расстройства. Перыядамі я чытала пра гэта ў інтэрнэце, бо хацела лепш разумець, як паводзіць сябе з чалавекам, якому цяжка. Часам у тых апісаннях пазнавала сябе, але ніколі не прымярала гэта сур’ёзна. Не хацела быць той «тыповай малалеткай з біпаляркай», як цяпер часта кажуць у сацсетках.
«Пасля трыццаціхвіліннай размовы псіхіятрыня паставіла мне дыягназ “дэпрэсія” і прызначыла антыдэпрэсанты»
– Пасля пратэстаў у Беларусі я апынулася ў эміграцыі, у Польшчы. Потым, калі пачалася вайна ў 2022 годзе, мой былы муж паехаў ва Украіну. А я засталася адна, і мяне вельмі моцна накрыла.
Спачатку думала, што гэта проста цяжкі перыяд, але хутка зразумела, што сама не спраўляюся з ім. Пачала шукаць дапамогу і выпадкова знайшла ў беларускіх чатах аб’яву ад псіхіятрыні, якая прапаноўвала бясплатныя кансультацыі тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій. Падумала: «Чаму б і не? Паспрабую».
На сустрэчы спецыялістка каля трыццаці хвілін слухала мяне, а потым сказала, што ў мяне дэпрэсія, і прызначыла антыдэпрэсанты. Усё адбылося занадта хутка, але я была ў такім стане, што проста згадзілася. Спойлер: лекі не падышлі і толькі пагоршылі мой стан.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Jr Korpa, Unsplash.com.
«Антыдэпрысанты, якія я прымала, выклікалі ў мяне моцную манію»
– Спачатку ўсё выглядала выдатна. Я прымала лекі некалькі месяцаў, і яны хутка пачалі дзейнічаць: праз пару тыдняў настрой палепшыўся, з’явілася энергія, жыццё нібы зноў заіграла фарбамі.
Паступова «добра» перайшло ў «занадта добра». Пачалася маніякальная фаза – стан, калі здаецца, што можаш перавярнуць свет. Усё гарыць унутры, адчуваецца гэта як суцэльная эйфарыя. Мне здавалася, што ўсё пад кантролем, што я – лепшая версія сябе.
Тады я спала па тры-чатыры гадзіны на суткі і ела адзін раз у дзень, нешта лёгкае тыпу бутэрбродаў або салатаў. Голаду амаль не адчувала, а вось бадзёрасці было хоць адбаўляй, настрой заўсёды заставаўся суперскім.
З мінусаў: у стане маніі грошы сыходзілі неверагодна хутка. Але я нават не магу дакладна сказаць, на што іх траціла: усё адбывалася імпульсіўна і бессэнсоўна. Купляла шмат касметыкі, усялякіх дробязяў – рэчаў, якія мне зусім не былі патрэбныя.
Самы кур’ёзны выпадак – паілка для катоў, якіх у мяне нават не было. Мне здавалася, што гэта будзе «першы крок» да таго, каб нарэшце іх завесці. Дарэчы, я праўда завяла іх праз нейкі час.
У маніякальных эпізодах я магу працаваць дзень і ноч, амаль не спаць, аддаваць працы ўсе свае сілы і нават не заўважаць стомы. У такія перыяды я магу зрабіць задачу, на якую звычайна сыходзіць пару гадзін, за гадзіну.
Але потым гэта заўсёды заканчваецца аднолькава: пасля некалькіх дзён ці тыдняў такой перанапругі я хварэю. Звычайна гэта нейкая прастуда ці вірус, і мне даводзіцца праводзіць тыдзень у ложку з тэмпературай.
«Падчас дэпрэсіўнага эпізоду звальнялася з працы, бо не магла нічога рабіць»
– Падчас дэпрэсіўных эпізодаў усё наадварот. Бывала, што я сыходзіла з працы, таму што разумела: не вытрымаю, не змагу функцыянаваць. Тады я адчуваю поўнае бяссілле , бо ні на што няма сіл, нават на звычайныя рэчы.
Таксама ў маніякальнай фазе я рабіла экстрэмальныя рэчы. Напрыклад, на першай сустрэчы з незнаёмым дагэтуль хлопцам дамовілася паехаць у Адэсу на некалькі дзён аўтаспынам, бо мы вырашылі, што гэта найлепшы спосаб пазнаёміцца. Я ўзяла некалькі выхадных на працы, і мы выправіліся ў шлях.
Дарога была чароўная: палі, сустрэчы з выпадковымі людзьмі, начоўкі на пляжы пад лодкамі. Усё было настолькі лёгка і прыгожа, што хацелася, каб гэта ніколі не сканчалася. Мы былі там некалькі дзён, вярнуліся дадому, а праз тры тыдні вырашылі ажаніцца.
Гэта было імпульсіўна, але я не магу сказаць, што шкадую пра той учынак. Не ведаю, што думаюць наконт гэтага мае бацькі, яны проста моўчкі згадзіліся на гэта. Мабыць, прывыклі да маіх выхадак.
Акрамя гэтага, у мяне з’явілася звычка гуляць па начах, нават у небяспечных раёнах. Хацелася свежага паветра і эмоцый. Я магла сустрэць выпадковых людзей, паразмаўляць з імі, пайсці шпацыраваць, а потым нават абмяняцца кантактамі.
Здаецца, гэта дробязі, але яны складалі маю агульную маніякальную рэальнасць, у якой я адчувала сябе непераможна.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Dasha Yukhymyuk, Unsplash.com.
«Здавалася, што я размаўляю адначасова і з д’яблам, і з маімі памерлымі прапрапрабабулямі»
– Прыкладна праз чатыры-пяць месяцаў пасля пачатку прыёму антыдэпрэсантаў мой стан раптоўна пагоршыўся. Манія перайшла ў востры псіхоз. Кульмінацыяй стаў прыступ, які доўжыўся некалькі гадзін.
Падчас яго я казала дзіўныя рэчы: пра ведзьмаў, вампіраў, «знакі» і нябачных істот. Галасы я не чула, але ў галаве з’яўляліся ідэі, якія здаваліся мне абсалютна праўдзівымі. Мне здавалася, што я размаўляю з Богам, з д’яблам, нават з маімі прапрапрабабулямі з таго свету. Я была ўпэўненая, што бачу сапраўдную сутнасць рэчаў і нарэшце адкрыла ўсе сакрэты свету.
Сябры, з якімі я тады была, не ацанілі мае інсайты, зразумелі, што адбываецца нешта ненармальнае, і выклікалі хуткую дапамогу.
«Хуткая» адвезла мяне у псіхіятрычны шпіталь. Менавіта там пасля ўсіх даследаванняў мне паставілі дыягназ: біпалярнае расстройства. Падазравалі яшчэ шызафрэнію, але яе хутка адкінулі.
У шпіталі мяне прынялі вельмі цёпла. Я дагэтуль ласкава называю гэта месца ўмоўным дзіцячым лагерам «Сонейка». Было зусім не страшна, калідоры і палаты выглядалі абсалютна нармальна, самі ўрачы таксама вельмі па-добраму ставіліся да мяне. Яшчэ з прыемнага – псіхіятрычная дапамога ў Польшчы, як высветлілася, бясплатная, таму мне нават не выставілі рахунак.
«Паклалі ў аддзяленне для “самых буйных” пацыентаў»
– У клініцы мяне паклалі ў аддзяленне для «самых буйных» пацыентаў. Спачатку гэта атрымалася выпадкова: мяне прывезлі ў крытычным стане і паклалі туды, але планавалі перавесці ў іншую палату, калі маё самаадчуванне палепшыцца. Аднак месца для мяне там не знайшлося. Я не пакутавала: «буйныя» людзі аказаліся зусім не страшнымі. Наадварот, амаль усе там былі інтэлігентнымі і мілымі персанажамі, хоць і са сваімі прыколамі.
Была, напрыклад, пані Рэгінка – вельмі старая бабулька пад сотню гадоў. Яна ледзь перасоўвалася, і я часта ёй дапамагала. З цягам часу яна чамусьці вырашыла, што я – Ісус Хрыстос, і пачала маліцца на мяне. Гэта выглядала адначасова кранальна, крыху страшна і нават трошкі смешна.
Яшчэ маёй суседкай была пані Малгося – жанчына гадоў шасцідзесяці, не вельмі прыгожая, з чорна-сівымі валасамі і цёмнымі вачыма. Яна пакутавала на німфаманію. Часам заходзіла ў мужчынскія палаты, раздзявалася і прапаноўвала сябе. Аднойчы ноччу яна падпаліла сабе валасы, але медсёстры своечасова заўважылі і ўсё хутка ўрэгулявалі.
Гледзячы на пацыентаў, я часта думала пра тое, наколькі далікатная наша псіхіка і як лёгка разбурыць нашу свядомасць.
.jpg)
Ілюстрацыйнае фота: Jr Korpa, Unsplash.com.
«Праз два тыдні я пачала аднаўляцца»
– У шпіталі я прабыла два тыдні. Па словах дактароў, гэта вельмі хутка, улічваючы мой стан. Першыя тры-чатыры дні я была ў поўным крызісе: не адчувала сябе і не разумела, дзе знаходжуся. Потым паступова ўсё пачало вяртацца. Я нават магла размаўляць з урачамі. Упершыню я ўсвядоміла, што са мной сапраўды здарылася.
Пасля выпіскі я паступова аднаўлялася. Падключыла псіхатэрапію і знайшла добрага псіхатэрапеўта і псіхіятра, з якім працую і цяпер. Ён выпісвае мне лекі, і ўжо тры гады я маю медыкаментозную падтрымку. Адчуваю сябе стабільна і спакойна. Але так было не з самага пачатку.
Адразу пасля выпіскі мяне накрыла моцная дэпрэсія, выкліканая няправільна падабранымі лекамі. Я спала па чатырнаццаць гадзін на дзень і ўсё адно хацела спаць яшчэ, толькі б менш бачыць гэты свет. Усё вакол здавалася чужым і непрыемным, я літаральна хавалася ў сне, каб не адчуваць рэальнасць. За некалькі месяцаў набрала больш за дзесяць кілаграмаў.
Але найгоршай была цішыня ў галаве. Калі ты здаровы, унутры заўсёды ёсць думкі, размовы з самім сабой, нейкі рух. А ў мяне – нічога, толькі абсалютна пустая галава без думак ці эмоцый.
Мне не хацелася ні з кім размаўляць, бачыцца з людзьмі, нават паход у краму станавіўся выпрабаваннем. Я кінула ўніверсітэт, перастала адказваць на паведамленні і проста знікла з жыцця.
«На працягу двух з паловай гадоў кожны дзень прымаю лекі»
– Праз некаторы час мне падабралі новыя лекі, і я паступова пачала вяртацца да жыцця. Цяпер ужо два з паловай гады прымаю нарматымікі – прэпараты, якія дапамагаюць утрымліваць настрой у «залатой сярэдзіне». З імі я жыву спакойна і стабільна, без пабочных эфектаў.
Я прымаю лекі штодня, без перапынкаў. Але такое лячэнне вельмі індывідуальнае, усё залежыць ад стану чалавека, частаты абвастрэнняў і яго рэакцыі на прэпараты. Людзі з падобнымі дыягназамі могуць прымаць іх дзесяцігоддзямі, і гэта цалкам нармальна. Я цяпер у рэмісіі ўжо каля трох гадоў, і мой псіхіятр кажа, што можна паступова адмаўляцца, але я пакуль не спяшаюся. Жартую: «Добра, але не зімой».
Магчыма, я і сапраўды крыху баюся магчымых адкатаў у манію або дэпрэсію пасля адмены лекаў. Але цяпер я добра ведаю сябе, свае межы і патрэбы. І нават калі нешта пойдзе не так, я ведаю, што заўсёды магу звязацца з псіхіятрам і вярнуць раўнавагу.
«У адносінах мая хвароба мне не перашкаджае»
– Мой дыягназ шмат чаму мяне навучыў. Я жыву звычайным жыццём і не адчуваю, што хвароба мне перашкаджае. Наадварот, яна навучыла мяне лепш слухаць сябе, разумець свае патрэбы і своечасова спыняцца, калі гэта трэба.
У адносінах гэта таксама не стварае цяжкасцей. Я не адчуваю ніякага дыскамфорту ні для сябе, ні для партнёра. Але калісьці я жыла з чалавекам, які таксама меў падобныя цяжкасці. Ён ведаў пра свой стан, але адмаўляўся ад дапамогі. Казаў: «Я моцны, спраўлюся сам. Турнічкі і спорт – лепшыя дактары». Ён не хацеў ні тэрапіі, ні лекаў, проста замыкаўся ў сабе. Часам мог гадзінамі ляжаць, не рухаючыся, таму што трывога літаральна паралізоўвала яго. Мне як чалавеку, які ўжо прайшоў гэты шлях, было балюча бачыць, што дапамога побач, але ён яе не прымае.
Тады я яшчэ раз пераканалася, наколькі важна не баяцца прызнаць, што табе патрэбна падтрымка. Бо гэта не слабасць, а, наадварот, сіла – умець убачыць сваю праблему і зрабіць крок, каб яе вырашыць.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.











