Салат з Косава, бульбяная каўбаса і магілёўская яечня – чулі пра такое? CityDog.io паглядзеў, якія блогеры гатуюць нацыянальныя беларускія стравы і дзеляцца рэцэптамі ў сацсетках. Склалі для вас спіс карысных каналаў – у яго трапілі і прафесіяналы, і аматары.
Старадаўнія рэцэпты ад Алены Браніславаўны
У сваім Instagram-акаўнце блогерка з Турава Алена Браніславаўна расказвае пра традыцыйную беларускую кухню. З відэа Алены Браніславаўны можна даведацца, як гатаваць бульбяную каўбасу, кручаную капусту і пызы – бульбяныя клёцкі з мясным начыннем.
Акрамя рэцэптаў, Алена Браніславаўна расказвае і пра побыт беларусаў. Ці вы ведалі, што нашы продкі лічылі печ «правадніком» у сусвет памерлых?
«Напрыклад, на Дзяды адчынялі юшку і заслонку, каб памерлыя маглі прыйсці. Печ нельга было пакідаць пустой, <…> бо калі пуста ў печы, пуста і ў хаце. І ўсе гаспадыні гэта добра ведалі», – дзеліцца блогерка.
Cучасныя стравы ад Арсеньчыка Беларуса
Беларускамоўны лайфстайл-акаўнт у TikTok вядзе падлетак Арсеній. Хлопчык расказвае пра свае падарожжы, вясковыя прыгоды і, канешне ж, гатуе ежу. У першую чаргу Арсенія цікавяць сучасныя рэцэпты: крыльцы як у KFC, том-ям і піца. Але сустракаюцца і беларускія стравы: халаднік, блінцы ды дранікі.
Часам Арсенію дапамагаюць бацькі – напрыклад, разам з мамай хлопец рыхтаваў стол да Вялікадня. Але нават калі не ўсе стравы блогер гатуе ўласна, атрымліваецца ў яго няблага.
Прафесійная кухня ад ProFood
Аўтар канала спецыялізуецца на традыцыйных беларускіх рэцэптах. Напрыклад, расказвае, як гатаваць бурачны квас, марыноўку (халодны рыбны суп) і абліванцы – бульбу са смятанным соусам.
Каштоўнасць канала ў тым, што рэцэпты блогер збірае ад сваіх падпісчыкаў – так у відэа трапляюць рэдкія рэгіянальныя стравы. Напрыклад, косаўскі салат, які гатавалі на радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве. У яго склад уваходзяць грыбы, цыбуля, буракі і смятанна-кропны соус.
Або яечня-калатуха – карані стравы сыходзяць у Магілёўскі рэгіён. Часцей за ўсё такую яечню гатавалі на восеньскія Дзяды. А сакрэт стравы – у добра змешаных яйках і амаль паўгадзінным запяканнем у духоўцы.
Гатаванне з гумарам ад «Вясёлай хаты»
Аграсядзіба «Вясёлая хата» знаходзіцца непадалёк ад Мінска. У сацсетках уладальнікі не толькі расказваюць пра сядзібу, але і гатуюць беларускія стравы пад адкрытым небам.
Рэцэпты цікавыя. Напрыклад, свіныя хвасты на грылі, рулет з паляндвіцы з гароднінай і грыбамі, а таксама маладая картопля з лісічкамі. Пад кожным відэа аўтары публікуюць падрабязны склад стравы і рэцэпт – вельмі зручна, калі вырашыце гатаваць.
Простыя стравы ад «Смачна»
Кулінарны канал «Смачна» ў TikTok і YouTube вядзе беларуска Святлана. Цяпер жанчына разам з сям’ёй жыве ў Польшчы, але рэцэптамі дзеліцца на беларускай мове.
У асноўным Святлана гатуе простую і зразумелую ежу: варэнікі з чарніцамі, салат з запечаным бураком, сачавічны суп або фарэль.
Калі захочацца расслабіцца і паглядзець лёгкі кантэнт, то абавязкова трэба завітаць на ўтульны канал беларускі.
Здаровая ежа ад Алесі
У беларускі Алесі падпісчыкаў пакуль няшмат – крыху менш за 500. Але яе акаўнт у TikTok цікавы тым, што Алеся дзеліцца ПП-рэцэптамі.
Алеся гатуе высокабялковую піцу, сэндвічы на 40 грамаў бялку, салёны тварог з паніжанай колькасцю калорый і мілкшэйкі. Таму, калі спатрэбіцца натхненне для новых ПП-рэцэптаў, завітваем на канал да Алесі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Mahmoud Fawzy, Unsplash.com.