Украінскія беспілотнікі трэці раз за тыдзень атакавалі дата-цэнтры «Яндэкса». Адзін з апошніх удараў адбыўся ў ноч на нядзелю і прывёў да маштабнага збою ў працы сэрвісаў кампаніі. Наступствы аказаліся настолькі сур’ёзнымі, што закранулі карыстальнікаў «Яндэкса» і ў Беларусі. CityDog.io расказвае, што здарылася.
Што адбылося?
У выніку ўдараў па дата-цэнтрах «Яндэкса» ў расійскім горадзе Уладзіміры са строю выйшлі сэрвісы «Яндэкс Go», «Яндэкс Пэй», «Яндэкс Дыск», «Яндэкс Музыка», «Яндэкс Ежа» і «Кінапошук». Гэта далёка не поўны спіс усіх платформ кампаніі, якія перасталі працаваць. Але пераважна менавіта гэтымі сервісамі карысталіся і беларусы.
Днём 11 кастрычніка кампанія падрыхтавала прэс-рэліз, у якім запэўніла, што «сэрвісы Яндэкса паступова вяртаюцца да працы пасля збою». Пры аднаўленчых працах прыярытэт аддавалі платформам, якімі карыстаецца больш за ўсё людзей: сярод іх аказаліся «Аліса», анлайн-пошук, таксі і карты.
Праблемы не толькі з таксі: як абвал «Яндэкса» адбіўся на беларусах?
У нядзелю Threads запоўніўся пастамі беларусаў, якія скардзіліся на праблемы з выклікам таксі. «Сусвет відавочна не хацеў, каб я апынуўся на працы ў нядзельную раніцу. Вы нам патрэбныя, вяртайцеся ў строй хутчэй»,– звярнулася да беларускага аддзялення «Яндэкс» Маргарыта.
У беларускі Вікі з-за збояў у дадатку спісаліся лішнія грошы. Дзяўчына распавяла, што спрабавала выклікаць"Яндэкс таксі", але дадатак выдаваў збой. «Мы рабілі спробы, пакуль не плюнулі і не пайшлі на тралейбус. І роўна ў той момант, калі мы падыходзілі да прыпынку, да нашага дома ўрачыста з’язджаюцца тры машыны. У выніку: паехалі на адной, але аплацілі ўсе тры. І кіроўцаў шкада (яны-та не вінаватыя, што дадатак лёг!), і сябе шкада, і кашалёк плача», – паскардзілася Віка.
Тым часам Арцёма раззлавала, што сэрвіс «Яндэкс ежа» узяў аплату за дастаўку, але паслугу так і не выканаў. «Вырашыў замовіць абед. Пра збоі дадаткаў навіны чытаў, але вырашыў зірнуць, як справы ў «Яндэкс ежы». Дадатак быў жывей за ўсіх жывых, адзінае, вісела паведамленне, што падтрымка часова не працуе. Ну добра не асоба та яна і працавала. Раблю замову, аплачваю і дадатак больш не працуе», – напісаў хлопец.
Некаторыя карыстальнікі, якія карысталіся «Яндэкс Дыскам», страцілі доступ да сваіх файлаў. Кацярына піша, што функцыя запампоўкі файлаў з воблака знікла. «У мяне там фатаграфіі больш чым за 10 гадоў – цэлае жыццё ў здымках. І зараз я нават не магу нармальна спампаваць свой архіў і захаваць яго ў іншым месцы», – распавяла дзяўчына.
Беларуска Вольга дадала, што падзенне «Яндэкс» закранула прыватных прадпрымальнікаў, якія супрацоўнічалі з кампаніяй. «Сотні тысяч звычайных таксістаў, кур’ераў, аператараў падтрымкі і іншых спецыялістаў злучаных сэрвісам. Па ўсёй СНД. Гэта не перамога над манаполіяй, гэта цяжкі сацыяльны ўдар па самых звычайных людзях», – лічыць яна.
Уладзіслаў падтрымлівае гэты пункт гледжання. Беларус адзначае, што калі пасажыры і карыстальнікі і адшукаюць альтэрнатыву сэрвісам, то іпшнікам давядзецца складана. «Якія яшчэ і тачкі ў лізінг узялі для працы ў таксі, вам цяжка будзе. Бо ніхто не кампенсуе вам прастой. З кур’ерамі тая ж гісторыя. Дзясяткі тысяч людзей у Беларусі раптоўна застаюцца без працы. Закранула нават тых, каго не датычыла», – выказаўся Уладзіслаў.
Ці стала падзенне «Яндэкса» шанцам для беларускіх кампаній?
Некаторыя беларускія карыстальнікі паглядзелі на праблему з «Яндэксам» пад іншым кутом і выказалі здагадку, што айчынныя кампаніі могуць выкарыстаць калапс на сваю карысць. Пераважна гаворка ішла пра сэрвіс таксі ад «А1», але таксама ўзгадвалі лакальныя кампаніі кшталту «135».
«У вас сёння просты быў зорны шанец – у ключавога канкурэнта па таксі памірае інфраструктура. І тут бы самы час надзець супергеройскі плашч і выратаваць беларусаў у гэты няпросты час», – звярнуўся да «А1» карыстальнік пад нікам c2u5hed.
Але, на думку беларуса, кампанія не скарысталася магчымасцю. Падчас калапсу дадатак працаваў з перабоямі – выклікаць аўто было складана.
«Нажаль, наш сэрвіс выпрабаваў нагрузку і мог даваць кароткачасовыя збоі. Цяпер усё павінна адлюстроўвацца карэктна», – адрэагавалі на збой у «А1».
Яшчэ адзін карыстальнік пад нікам belorusski.xoxol зрабіў выснову, што на рынку Беларусі «няма годнага гульца», які можа замяніць «Яндэкс».
«A1 і 135 і блізка не знаходзяцца ў становішчы канкурэнта. Толькі WB робіць маленькія крокі ў гэтым напрамку, але і яны настолькі мізэрныя і смешныя, улічваючы маштаб кампаніі. І ў момант, калі ты можаш карыстацца сітуацыяй, ты застанешся на тым самым месцы, дзе і быў. Толькі пару дзён масла з ікоркай паеш, а потым назад да вытокаў», – напісаў ён.
Улетку беларусы ўжо сутыкаліся з падобнай праблемай
Украінскія вайскоўцы атакуюць беспілотнікамі не толькі дата-цэнтры"Яндэкс". Улетку 2026 года ў некаторых расійскіх гарадах былі разбураны складскія комплексы маркетплэйсаў Wildberries і Ozon. Паводле ацэнак аналітыкаў, абедзве кампаніі кантралявалі каля паловы рынку анлайн-гандлю ў Беларусі.
У выніку беларускія карыстальнікі анлайн-крам сутыкнуліся з затрымкамі і адменамі заказаў. Эксперты меркавалі, што перабоі з дастаўкай могуць прымусіць спажыўцоў вярнуцца да афлайн пакупак беларускіх тавараў. Пры гэтым адзначалася, што з-за атак і пажараў на складах маркетплэйсаў, беларускія прадпрымальнікі панясуць фінансавыя страты.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













