Сёння, 11 снежня, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абвясціла акцыю «Кожная пятніца – роднае, сваё!». Ініцыятыва заклікае беларусаў раз на тыдзень падтрымліваць айчынную прадукцыю і больш ужываць беларускую мову і культуру ў паўсядзённым жыцці.
Як паведаміла ведамства, акцыя ў першую чаргу накіравана на павелічэнне долі беларускіх тавараў на ўнутраным рынку. Але яна закранае і іншыя сферы: беларусам прапануюць па пятніцах не толькі купляць мясцовыя прадукты, але і апранаць адзенне і абутак айчыннай вытворчасці, чытаць і размаўляць па-беларуску, а таксама слухаць беларускую музыку.

Інфармацыя пра тое, як будзе праходзіць праект «Кожная пятнiца – роднае, сваё». Скрыншот: @belpresscenter, YouTube.com.
Пра старт акцыі паведаміў намеснік міністра Алег Дзікун. Ён выступіў у Нацыянальным прэс-цэнтры сёння, 11 снежня.
Па задумцы МАРГ, у пятніцу вытворцы і гандлёвыя сеткі будуць прапаноўваць скідкі на беларускія тавары. Пакупнікам прапануюць далучацца да ініцыятывы, выбіраючы беларускае і дзелячыся сваімі пакупкамі ў сацсетках з хэштэгам #ДзеньРоднагаСвайго.
Далучыцца да акцыі можна ўжо заўтра, 12 снежня.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















