Фота: Kelly Sikkema, Unsplash.com.

«Гэта свята – і яно такім і мусіць быць». Беларусы – пра Дзень Волі, які ім запомніўся больш за ўсё

Фота: Kelly Sikkema, Unsplash.com.

CityDog.io папрасіў беларусаў расказаць пра Дзень Волі, які ім моцна запомніўся. Запісалі іх успаміны.

мы здесь

25 сакавіка 2026-га – 108-я гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, першай беларускай нацыянальнай дзяржавы. Калі вы раптам не вельмі шмат ведаеце пра гэта, пачытайце наш матэрыял: Цяпер усё зразумела: сорамныя пытанні і зразумелыя адказы пра тое, што такое БНР і чаму яна такая важная нават для вас.

«А потым мы, тыя, хто выжыў, пайшлі ў легендарную краму “Акіян”, дзе елі дранікі»

павал

– Мне прыгадваецца Дзень Волі – 2017. Традыцыйная акцыя не была асабліва масавай, але ў памяці засталіся эмоцыі. Усю раніцу і дзень ішоў мокры снег, калона рушыла ад плошчы Якуба Коласа ў бок Акадэміі навук па тратуарах.

Раптоўна ўзніклі шэрагі карнікаў, якія падзялілі людзей на некалькі асобных частак. Памятаю, як стаялі з некаторымі з іх на прыступках тых ці іншых крам уздоўж праспекта, а злева і справа насоўваліся тыя, для каго мы, беларусы, як былі, так і засталіся быдлам.

Яркім успамінам застаўся з таго Дня Волі вобраз більярдных шароў на вуліцы. На шаломах карнікаў, бліскучых ад мокрага снегу, былі нанесеныя лічбы іх падраздзяленняў. Я памятаю, як пару дзясяткаў такіх «абаронцаў парадку» з лічбай восем беглі на мяне і суседзяў з дубінкамі і шчытамі.

Той дзень стаўся таксама і своеасаблівым паказам мод. Карнікі рэжыму напрыканцы разгону вырашылі выкаціць і паказаць (напалохаць) свой аўтамабільны парк. Былі дзівоснага выгляду аўто, бронемашыны, вадамёты, недаробленыя для штурму джыпы і гэтак далей.

Ну а потым мы, тыя хто выжыў, пайшлі ў легендарную краму «Акіян», дзе елі дранікі.

«Старая інтэлігенцыя, нашчадкі БНР прывычна збіраюцца, каб ушанаваць свае традыцыі»

марыя

– Наконт Дня Волі ў мяне асабліва няма гісторый. Што ярчэй за ўсё памятаю – першае 25 Сакавіка ў эміграцыі. Прага, 2022 год. Старая інтэлігенцыя, нашчадкі БНР прывычна збіраюцца, каб ушанаваць свае традыцыі, ды разам спяваюць ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Гімн, за які ў Беларусі ў «найлепшым» выпадку цябе ды твае музычныя перавагі не зразумеюць.

І вось ты стаіш разам з імі, трымаючы руку на сэрцы, дасканала, хаця і няўпэўнена, спяваеш радкі, якія ніколі не вучыў, і адчуваеш, якой магла быць, мусіла быць твая краіна. Раптоўна ў яе ёсць свая гісторыя дзяржаўнасці, традыцыі, палітычныя пратаколы, свой «бамонд». І ты разумееш, што назад, да той штучнай незалежнасці ўжо не вернешся. Так, адчуваеш сябе няёмка, крыху чужым спачатку. Але бачыш, што менавіта тут, сярод беларушчыны, тваё месца.

Фота: Mikita Tserakhau, Unsplash.com.

«На БНР-100 было зразумела, што гэта свята – і яно такім і мусіць быць»

ігар

– Я пачаў хадзіць на Дзень Волі ў 2005 годзе, калі быў яшчэ школьнікам. Памятаю, напярэдадні выходзілі артыкулы, што мільён чалавек прыйдзе. Канешне, мільёна там не было… Нас усіх адцяснілі да метро на Кастрычніцкай плошчы, і акцыя вельмі хутка скончылася.

Не скажу, што гэта прыемныя ці непрыемныя ўспаміны, але гэта быў мой першы досвед. І так, мне як школьніку, канешне, было страшна, што арыштуюць. Тым больш тады яшчэ і ў школе пужалі, што калі трапіць у такую пастку, то складана будзе паступіць ва ўніверсітэт.

Пасля ўжо на Дні Волі я прысутнічаў будучы студэнтам. Некалькі гадоў спрабавалі збірацца ў цэнтры, а пасля пачалі хадзіць стандартным маршрутам – ад Акадэміі навук да Бангалор. І адзін з самых запамінальных момантаў (гэта ўжо былі не студэнцкія часы) – Дзень Волі ў 2017 годзе, калі зноў вырашылі збірацца ў цэнтры.

Было адразу зразумела па тым, як паводзілі сябе сілавікі напярэдадні (напрыклад, як яны аўтаматы нейкія ў рукі ўзялі і з імі патрулявалі вуліцы), што будзе разгон, натуральна. Так яно і скончылася. Акцыя нядоўга працягвалася, і людзей проста ўвесь час адціскалі. Нейкія групкі змаглі прайсці па праспекце далей, а некага запакавалі.

А самы, напэўна, радасны момант – гэта, канешне, БНР-100, канцэрт каля опернага тэатра. Мы ў сваіх беларускіх умовах увесь час адчуваем 25 сакавіка як дзень барацьбы: разгоняць ці не разгоняць, дадуць прайсці ці не дадуць, сустрэнеш ты сёння вечар з сябрамі ў «Чабурэчнай» ці на Акрэсціна. А на БНР-100 было зразумела, што гэта свята – і яно такім і мусіць быць.

Ну і мой апошні Дзень Волі, які я правёў у Мінску, адбыўся ў 2021 годзе. Нічога не планавалася, бо тады перанеслі акцыю на выхадныя, але людзі ўсё адно гулялі. А мы проста сабраліся з сябрамі пасядзець у кавярні: памятаю, што патрулі былі паўсюль, і побач з гэтай кавярняй стаялі амапаўцы, слухалі, як мы гаворым па-беларуску. Але чамусьці нас ніхто тады не чапаў.

І яшчэ такі момант хочацца адзначыць, што вельмі добра заўжды было збірацца ў «Чабурэчнай» на Валадарскага. Была такая традыцыя, калі пасля ўсіх акцый ты ўжо спакойна з сябрамі можаш сабрацца і там святкаваць.

«Людзей была цемра, вельмі шмат сцягоў, шмат беларусаў, шмат палітыкаў, іх прамоў…»

елізавета

– У пачатку сакавіка 2022 года мне прыйшлося экстранна выехаць з Беларусі ў Польшчу. Было вельмі горка, крыўдна, і я палічыла сваім абавязкам прыйсці на святкаванне Дня Волі ў Варшаве. Людзей была цемра, вельмі шмат сцягоў, шмат беларусаў, шмат палітыкаў, іх прамоў…

Што мяне здзівіла – паводзіны паліцыі, якая рэальна, насамрэч ахоўвала тых, хто прыйшоў, спрабавала зрабіць так, каб нам было камфортна і бяспечна. Калі вырашылі прайсці маршам, паліцыя перакрыла праезную частку і прама сказала: «Выходзьце на дарогу, што вы саромеецеся!» І далей мы пайшлі ў бок цэнтра.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
Еще по теме:
«Я понимаю, что говорит не моя мама – за нее говорит белорусское телевидение». Как живут семьи с разными политическими взглядами?
Как это выглядело со стороны: фудхантер, ивенторы и музэксперт критикуют вчерашний День Воли
Если не собираетесь к Оперному: 10 книг про БНР, которые стоит обязательно почитать
поделиться