На сцяне ля музея Лідскага бровара з’явіўся вялікі і яскравы мурал. Ён паказвае жыццё Ліды ў канцы XIX стагоддзя, калі горад пачаў хутка развівацца, а на Рынкавай плошчы адкрыўся першы бар, звязаны з гісторыяй «Лідскага піва».
Малюнак займае некалькі сцен і ўключае ў сябе сімвалічнае Дрэва жыцця, якое прарастае з Рынкавай плошчы – гістарычнага цэнтра Ліды. Як піша Signal project у фэйсбуку, ініцыятарам праекта выступіла творчая каманда Urban Myths. Эскіз падрыхтавала мастачка Аляксандра Прыма, а сам мурал рэалізавалі Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў.


На мурале можна пазнаць будынкі, якія існавалі ў горадзе раней: ратушу XVIII стагоддзя і двухпавярховы дом, дзе ў другой палове XIX стагоддзя размяшчаліся паліцыя і бар, адкрыты прадпрымальнікам Носелем Пупко. Гэта месца стала пачаткам гісторыі «Лідскага піва».


Як піша Signal project, неба на мурале – жывы ўдзельнік сюжэта, поўны руху, жыцця і святла. Гэты світанак – не проста пачатак новага дня, а сімвал бурлівых перамен канца XIX стагоддзя, калі гарады Беларусі перажывалі імклівыя трансфармацыі дзякуючы імпэту смелых летуценнікаў. Мурал – гімн той рамантычнай эпосе перамен і надзей.
Калі памятаеце, CityDog.io пісаў, што ў мінулым годзе ў Полацку на фасадзе жылога дома №26 на вуліцы Марыненкі з’явіўся новы мурал, на якім намаляваны Усяслаў Чарадзей. Аўтарка эскіза – Аляксандра Прыма, а сам фасад размалявалі мастакі Сяргей Рысакоў і Яўген Сасюра. На стварэнне малюнка ім спатрэбілася ўсяго 5 дзён.

Фото: Realt.by.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Signal project.