Беларускі пісьменнік Андрэй Горват расказаў, што скончыў працу над кнігай «Дом». Гэта гісторыя пра нараўлянскі палац і асабіста пра самога аўтара. Кніга пісалася з 2021 года і некалькі разоў адкладалася, бо, па словах Горвата, ён не быў гатовы ставіць у гэтай гісторыі кропку.
Аўтар падкрэслівае ў сваіх сацсетках, што «Дом» – гэта не толькі тэкст, але і прыгожая рэч, якую хочацца захаваць. Па словах Андрэя, яго кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. У ёй бронзавыя львы прагульваюцца па парку, а людзі з партрэтаў – па калідорах. «Заходзячы ў дом, будзьце гатовыя: гаспадар у любы момант можа вярнуцца з вечнасці, каб адказаць на тэлефонны званок».

Творчыя прэзентацыі і інтэрв’ю ён праводзіць не плануе. Затое ў наступныя тыдні пісьменнік паедзе ў Вільнюс, Беласток, Варшаву, Гданьск і Познань – у гэтыя гарады ён прывязе адзін асобнік кнігі, які належаў гаспадару палаца. Падчас гэтых паездак ён прапануе ўсім ахвотным сустрэцца, пагаварыць і зрабіць фота з кнігай.
Улетку, магчыма, такія сустрэчы адбудуцца і ў іншых гарадах ці краінах. Уся інфармацыя пра кнігу, а таксама ўрыўкі з яе даступныя на сайце. Там жа можна яе і набыць. Як гэта зрабіць з тэрыторыі Беларусі, аўтар пакуль не ведае, але абяцае: адказы будуць пазней.
Дарэчы, летам 2021 года вядомы беларускі пісьменнік Андрэй Горват («Радзіва “Прудок”») разам з сябрамі набыў нараўлянскі палац на Палессі за 54 тыс. руб. і ўзяўся за яго аднаўленне.
Журналісты CityDog.io наведвалі хлопцаў у гасцях і падрабязна расказвалі пра гісторыю палаца і іх планы па рэканструкцыі. Звярніце ўвагу на фота з той паездкі ў 2021 годзе – там добра бачна, што ў палаца няма даху.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: музей імя І. Луцкевіча.