Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прасіў дазвол на кароткую малітву ля саркафага Эдварда Вайніловіча, але атрымаў адмову: на аб’екце працягваюцца работы. Пра гэта ўчора, 1 снежня, расказаў партал аб жыцці католікаў.
Былы пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску, а цяпер святар у Барысаве ксёндз Уладзіслаў Завальнюк хацеў падысці да зачыненага ўжо тры гады храма і памаліцца з нагоды гадавіны яго асвячэння, якая адзначалася 21 лістапада. Ён прасіў дазволу ў прадпрыемства «Мінская спадчына», якое валодае будынкам і курыруе рэканструкцыю.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Скрыншот: «Голас душы», YouTube.com.
У сваім відэа святар расказаў, што хацеў на некалькі хвілін падысці да саркафага фундатара храма Эдварда Вайніловіча:
«Звярнуўся да кіраўніцтва, прадставіўся, што я святар, і атрымаў годнасць прэлата, каб мне дазволілі на 5 хвілін зайсці да саркафага Вайніловіча перад святыняй, пакланіцца, паставіць зніч і паблагаславіць працу, якая выконваецца. Але адказалі, што, калі ідуць працы, староннім нельга заходзіць».
Ксёндз Завальнюк планаваў звярнуцца яшчэ раз у «Мінскую спадчыну», спадзеючыся, што ў адзін з выхадных яму ўсё ж дазволяць наблізіцца да саркафага Вайніловіча. Праз амаль два тыдні інфармацыі пра тое, што дазвол быў дадзены, не з’явілася.
Раней, на пачатку рэканструкцыі, вернікаў час ад часу пускалі на тэрыторыю храма. Але пасля таго, як там знайшлі кнігі, абразы і іншыя рэчы, якія, паводле вернікаў, збіраліся выкінуць, доступ абмежавалі.
Цяперашні пробашч парафіі, ксёндз Франц Рудзь, у аб’явах не паведамляў пра магчымасць наведвання храма падчас работ ці пра просьбу аб малітве каля яго.
Чаму закрылі касцёл?
CityDog.io пісаў, што 25 верасня 2022 года ў Чырвоным касцёле прайшла апошняя служба, а на наступную ноч у храме адбыўся пажар пры дзіўных абставінах – 26 верасня дзверы касцёла апячаталі.
Улады адразу ж запатрабавалі ад рэлігійнай суполкі вызваліць будынак для правядзення рамонтных работ, забараніўшы маліцца як унутры, так і на тэрыторыі касцёла.
За гэтыя гады вернікі некалькі разоў звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў адміністрацыю Лукашэнкі, з пытаннем, калі касцёл будзе зноў адчынены.
У снежні 2023 года прадстаўнікі КУП «Мінская спадчына» сцвярджалі, што ўжо распрацавана праектная дакументацыя і «ў першым квартале наступнага года» (2024-га) будаўнікі плануюць пачаць работы, але гэтага так і не здарылася.
Вось тут можна пачытаць усю храналогію падзей.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















