Рэстаран KFC у цэнтры Мінска, які некалькі гадоў быў адкрыты 24/7, хутка скароціць гадзіны працы. Такое рашэнне прыняла адміністрацыя Кастрычніцкага раёна і сёння, 16 снежня, паведаміла пра яго ў сваім тэлеграм-канале.
Рэстаран сеткі хуткага харчавання KFC на вуліцы Кірава, 1, побач з чыгуначным вакзалам, больш не будзе працаваць кругласутачна. Установа адкрылася ў 2017 годзе ў адным з дамоў комплексу «Вароты Мінска» і шмат гадоў была даступная для наведвальнікаў і днём, і ноччу.

Рэстаран KFC у цэнтры Мінска. Фота: @okt_minsk_official, Telegram.com.
Як паведамілі ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, рашэнне прынялі на пасяджэнні раённых улад. Чыноўнікі перагледзелі рэжым працы адразу некалькіх аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю.
«Рашэнне аб працягу дзеяння ўзгаднення рэжыму працы ў сувязі з неадпаведнасцю крытэрыям захавання патрабаванняў бяспекі прынятае сёння на сесіі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Яно набудзе моц 2 лютага 2026 года. Цяпер установа будзе працаваць з 07:00 да 23:00», - напісалі ў тэлеграм-канале Кастрычніцкага раёна.
Акрамя таго, чыноўнікі вызначылі новы графік для аб’ектаў пры аўтазапраўках «Лукойл» на вуліцы Кіжаватава, 44 і 88. Крамы і міні-кафэ пры гэтых АЗС будуць працаваць з 6:00 да 24:00, пры гэтым з 23:40 да поўначы прадугледжаны перапынак.
Акрамя таго, адміністрацыя ўзгадніла рэжым працы ўстаноў, якія адкрыюцца ў складзе кінапрасторы ў ТРЦ Minsk City Mall. Размова ідзе пра бар і кафетэрый, іх графік будзе залежаць ад дня тыдня і святочных дат.
Бар будзе працаваць:
- панядзелак–чацвер: з 17:00 да 24:00;
- пятніца і перадсвяточныя дні: з 17:00 да 02:00;
- субота і святочныя дні: з 12:00 да 02:00.
Кафетэрый адкрыецца раней:
- панядзелак–чацвер, нядзеля: з 10:00 да 24:00;
- пятніца, субота, перадсвяточныя і святочныя дні: з 10:00 да 02:00.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















