Ля ўваходу ў Чырвоны касцёл невядомы парэзаў банер з выявай Ісуса. Акт вандалізму заўважылі не адразу – сляды пашкоджанняў былі бачныя яшчэ зімой.
Каля Чырвонага касцёла ў Мінску, зачыненага ўжо больш за два з паловай гады, нехта парэзаў банер з выявай Ісуса Міласэрнага, піша партал, які расказвае пра жыццё беларускіх каталікоў.

Гэты банер быў размешчаны каля ўваходу ў храм. На фота відаць, што надрэз зрабілі ў правым ніжнім куце, а найбольшыя пашкоджанні – проста на твары Хрыста. Падаецца, што нехта спрабаваў адрэзаць частку іконы.

Калі дакладна гэта адбылося, невядома. Паводле фатаграфій турыстаў, ікона ўжо была пашкоджана ў сярэдзіне лютага, але стала вядома пра гэта толькі цяпер. У парафіі паспрабавалі акуратна змацаваць банер, але сляды ад нажа ўсё адно засталіся. Сілавікі пакуль не паведамлялі, ці ведаюць яны пра здарэнне і ці вядзецца расследаванне.
Гэта ікона – копія вядомага абраза, створанага мастаком Яўгенам Казіміроўскім у Вільнюсе на просьбу благаслаўлёнага айца Міхала Сапоцькі і святой Фаўстыны Кавальскай. Банеры з іконамі каля касцёла былі ўстаноўлены яшчэ пры папярэднім настаяцелі – ксяндзу Уладзіславе Завальнюку.
Дарэчы, CityDog.io расказваў сумную легенду будаўніцтва касцёла: нібыта перад смерцю яго ў сне ўбачыла і замалявала Алена – дачка беларускага палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Аднак на самой справе мужчына сапраўды страціў двух дзяцей і доўга выбіраў, як будзе выглядаць касцёл у іх памяць.
І менавіта падчас пошуку праекта ў рукі Вайніловічу трапіла паштоўка з выявай касцёла Святой Альжбеты ў польскім мястэчку Ютрасін недалёка ад Познані.
Чырвоны касцёл у Мінску быў цалкам дабудаваны да 1909 года, а асвячэнне адбылося 20 верасня 1910 года.
Што з ім цяпер адбываецца?
25 верасня 2022 года ў касцёле апошні раз адбылася служба, а ў наступную ноч у святыні адбыўся пажар пры дзіўных абставінах – 26 верасня дзверы храма былі апячатаны.
У снежні 2023 года прадстаўнікі КУП «Мінская спадчына» сцвярджалі, што праектная дакументацыя ўжо распрацавана і «ў першым квартале наступнага года» (2024-га) будаўнікі плануюць распачаць работы.
Вось тут можна прачытаць усю храналогію падзей.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Katolik.life.