На перадвыбарчым банеры сацыял-дэмакратычнай партыі Эстоніі з’явіўся надпіс: «Выбірайце Капенгаген, а не Мінск!». Такім чынам кандыдат у мэры Таліна (які цяпер займае гэту пасаду) Яўгеній Асіноўскі параўнаў розныя падыходы да гарадскога кіравання. Верагодна, слоган прызначаны для рускамоўнай аўдыторыі.
2 кастрычніка беларускі прадпрымальнік і медыяменеджар Аляксандр Васілевіч звярнуў увагу на незвычайны перадвыбарчы банер у Таліне і падзяліўся фотаздымкам у сябе ў фэйсбуку.

Слоган на муніцыпальных выбарах. Фота: Aliaksandr Vasilevich, Facebook.com.
На агітацыйнай афішы сацыял-дэмакратычнай партыі Эстоніі напісана: «Выбірайце Капенгаген, а не Мінск!».
Галоўным героем агітацыі стаў Яўгеній Асіноўскі – кандыдат у мэры Таліна ад раёна Кесклін на муніцыпальных выбарах. У слогане выкарыстоўваецца супрацьпастаўленне Мінска і Капенгагена: першы падаецца як сімвал «павярхоўнай добраўпарадкаванасці, застою і аўтарытарнага стылю кіравання», а другі – як горад з высокай якасцю гарадскога асяроддзя, даступным жыллём, сацыяльнай абаронай і міжнароднай прывабнасцю.
На думку Васілевіча, для часткі выбарцаў Капенгаген хутчэй асацыюецца з дарагавізнай, а Мінск – з адноснай таннасцю і чысцінёй. «Рост коштаў цяпер для большасці нашмат актуальней і балючай пытанняў даступнасці і адкрытасці», – напісаў ён.
Па словах Ірыны Шпак, якая пракаментавала публікацыю Васілевіча, яна спытала ў Асіноўскага асабіста пра выбар такой агітацыі. Ён адказаў, што «гэта метафара на палітычны стыль кіравання», а таксама мэр Таліна ўзгадаў свае беларускія карані.
Што думаюць беларусы?
Беларусы актыўна адрэагавалі ў каментарыях. Вось што яны напісалі:
«Пакуль чытаў, тэлефон зарадзіўся на +1% у выключаным стане ад крыніцы харчавання. Цуд», – напісаў Андрэй.
«А Талін нельга выбраць?» – спытаў Igor.
«Шкада, што ў артыкулы толькі меркаванні палітыкаў без нават спробы спытаць гараджан. Але тут можа быць крыху па-іншаму: калі меркаванне не сфармавана, то можна якраз яго сфармаваць», – падзяліўся Валянцін.
«Схаваная рэклама Мінска, таму што ў Капенгагене ўсе талінцы ўжо былі :) Хто яму заплаціў?» – жартуе Alexi.
«Цікава, наколькі Мінск увогуле актуальны для Эстоніі) Мы ж нават не мяжуем. Мо лепей было з Піцерам параўнаць», – напісала Ольга.
«Пасля Прагі я б дэфінітлі выбрала Капенгаген. Калі б было бабло і не было “Дубліна”. Хачу дамоў, але няма куды», – падзялілася Lyuda.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.