Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ) у Мінску афіцыйна спыніў існаванне 29 кастрычніка 2026 года. Установа працавала з 2015 года і займалася развіццём беларускага сучаснага мастацтва. Пра ліквідацыю паведаміла каманда цэнтра ў сваім інстаграме. CityDog.io расказвае падрабязнасці.
Што здарылася?
У НЦСМ удакладнілі, што ўстанову ліквідавалі на падставе загада Міністэрства культуры ад 25 жніўня і пастановы Савета Міністраў ад 3 жніўня 2026 года.

Сторыс пра закрыццё. Скрыншот: @ncsmby, Instagram.com.
У развітальным звароце каманда цэнтра падзякавала наведвальнікам і расказала пра сваю працу за больш як дзесяць гадоў.
«Наша плённая праца на працягу больш за 10 гадоў спрыяла развіццю сучаснага мастацтва, а цёплае ўзаемадзеянне з нашымі наведвальнікамі натхняла на стварэнне ўнікальных праектаў, якія назаўсёды сталі часткай гісторыі цэнтра і пакінулі глыбокі адбітак у нашых, і спадзяёмся, вашых сэрцах», – гаворыцца ў паведамленні.
Што папярэднічала закрыццю?
Чуткі пра магчымае закрыццё пачалі з’яўляцца яшчэ ў маі 2026 года. Тады ў сацсетках Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў апублікавалі афішу мерапрыемстваў на Ноч музеяў 16 мая: «Апошняя ноч музеяў у НЦСМ». Гэта выклікала пытанні ў беларусаў і размовы пра будучае закрыцці цэнтра. 4 мая НЦСМ пацвердзіў, што спыніць працу.
Таксама ў маі пра завяршэнне супрацоўніцтва з цэнтрам аб’явіла мінская галерэя FARBA. Сумесны праект «Палка» яна назвала апошнім.
Ужо ў жніўні стала вядома, што працэдуру ліквідацыі збіраюцца завяршыць да 30 лістапада. Гэта вынікала з пастановы Саўміна. Аднак цэнтр спыніў існаванне раней за гэты тэрмін.
Яшчэ летам НЦСМ скараціў час працы сваёй апошняй выставы «НЦСМ: ВЫБРАНАЕ». Першапачаткова яна павінна была працягвацца да 23 жніўня, але закрылася ўжо 2 жніўня.
Таксама ў жніўні выданне ***orm.***s (беларускія сілавікі называюць яго «экстрэмісцкім») са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што пасля ліквідацыі цэнтра без працы могуць застацца каля 50 чалавек. Меркавалася, што фонды НЦСМ і пляцоўка на вуліцы Якуба Коласа пяройдуць Нацыянальнаму мастацкаму музею, а памяшканні на вуліцы Някрасава – Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Што гэта за месца?
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў адкрыўся ў 2015 годзе. Ён займаўся развіццём і папулярызацыяй беларускага сучаснага мастацтва, а таксама яго прасоўваннем за межамі краіны.
На базе НЦСМ праходзілі выставачныя, адукацыйныя, навукова-даследчыя і музейныя праекты. Цэнтр захоўваў больш за 5000 твораў мастацтва, арганізоўваў выставы, фестывалі і тэатральныя пастаноўкі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













