У беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча выйшаў новы раман «Глыбіня». Гэта постапакаліптычная гісторыя пра краіну, якая раскалолася на два светы, і людзей, якіх працягвае звязваць агульнае мінулае. Пра выхад кнігі 14 верасня паведаміў праект Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў bellit.info.
Паводле апісання кнігі, адна краіна аказваецца падзеленай на «да» і «пасля». Адны людзі засталіся, іншыя зніклі, забраўшы з сабой мову, памяць і цывілізацыю. Часткі краіны пачынаюць жыць паводле ўласных законаў.
Герояў рамана працягвае звязваць агульнае мінулае і выбары, якія ўжо нельга змяніць. Адні з галоўных пытанняў кнігі: ці можна зноў стаць адным цэлым? І ці хто-кольвек гэтага хоча?

Новы раман «Глыбіня». Фота: Facebook.com.
«Віктар Марціновіч стварыў напружаны і эмацыйны твор пра разлом, які праходзіць праз лёсы людзей. Тут ёсць усё: досвед сыходу і яго цана, складаная этыка адносін паміж «сваімі» і «чужымі», унутраныя канфлікты, што не даюць спакою. Гэта вострасюжэтны раман з гісторыяй кахання і фіналам, які насамрэч – толькі пачатак», – падзяліўся праект Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.
Гэта першая за восем гадоў кніга Марціновіча, якая выйшла па-беларуску. Раман выдаў KEW. Кнігу можна набыць анлайн на розных пляцоўках. У продажы з 15 верасня.
Цяпер на польскім маркетплэйсе яе можна купіць за 75 зл. (каля 60,63 руб.).
Нагадаем, што ў чэрвені 2022 года стала вядома, што школьныя бібліятэкі атрымалі спіс з 33 літаратараў, якія трэба было прыбраць. У спіс трапіў і Віктар Марціновіч. Сярод іншых аўтараў былі Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў. Усе яны былі сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, які ўлады ліквідавалі ў 2021 годзе.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















