Гэтыя беларускі рыхтуюцца стаць першымі жанчынамі з Беларусі, якія хутка пераплывуць Ла-Манш

Шэсць беларусак, якія жывуць у розных краінах, на днях аб’явілі пра намер пераадолець Ла-Манш эстафетай у чэрвені 2026 года. Яны хочуць стаць першымі прадстаўніцамі Беларусі, якія здзейсняць легендарны заплыў. Падрыхтоўка ўжо пачалася.

Шэсць беларусак, якія жывуць у розных краінах, на днях аб’явілі пра намер пераадолець Ла-Манш эстафетай у чэрвені 2026 года. Яны хочуць стаць першымі прадстаўніцамі Беларусі, якія здзейсняць легендарны заплыў. Падрыхтоўка ўжо пачалася.

Команда Belarusian Swim Sisters аб’явіла пра свой амбіцыйны план: у чэрвені 2026 года шэсць беларусак збіраюцца пераплыць Ла-Манш эстафетай і стаць першымі жанчынамі з Беларусі, якім гэта ўдасца. Пра гэта яны паведамілі ў сваім Instagram-акаўнце @belswimsisters, дзе апублікавалі відэа з трэніровак і расказалі пра сваю мэту.

Падрыхтоўка да заплыву. Скрыншот: @belswimsisters, Instagram.com.

«Ла-Манш – гэта не проста 40+ км халоднай вады паміж Англіяй і Францыяй. Гэта легендарны маршрут, які з 1926 года пераадольваюць наймацнейшыя жанчыны свету – пачынаючы з Гертруды Эдэрле, першай жанчыны, што здзейсніла гэты заплыў», – напісалі яны ў сваім пасце.

У склад Swim Sisters уваходзяць беларускі, якія цяпер жывуць у розных краінах і працуюць у розных сферах, але іх аб’ядноўвае любоў да вады і адна агульная мара. Дзяўчаты пішуць, што перад імі – месяцы падрыхтоўкі: трэніроўкі ў халоднай вадзе, начныя заплывы, пошук лодкі і пілота, а таксама чаканне адпаведнага надвор’я для старту.

Адной з удзельніц з’яўляецца юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна, якая таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ў Facebook. Яна напісала, што трэніруецца шэсць разоў на тыдзень, і адкрыта прызнаецца, чаго баіцца:

«Беларусы гэтага яшчэ не рабілі. Не, я таксама не ўпэўненая, што ў мяне ўсё з галавой нармальна. Цяпер у мяне трэніроўкі 6 разоў на тыдзень. І так, я баюся. Проста адкрытым тэкстам: баюся. Але раблю. І яшчэ адно. Тут у мяне хапае “экспертаў”, якія сістэмна хэйцяць любое дзеянне. Ну што ж. Я ўмею слухаць. Але плыву – далей. І трэніруюся – далей. Бо жыццё, якое залежыць ад чужой думкі, – гэта так сабе жыццё», – напісала беларуска на сваёй старонцы ў Facebook.

Што важна ведаць пра заплыў праз Ла-Манш?

Плыўцы перасякаюць Ла-Манш у яго самай вузкай частцы – каля 32 км па прамой, але з-за моцных плыняў і хваль шлях часта павялічваецца да 40–50 км. Вада тут халодная, умовы непрадказальныя, а праз праліў штодня праходзіць да 700 судоў, таму заплыў лічыцца адной з найцяжэйшых выпрабавальных дыстанцый у свеце.

Першы паспяховы заплыў здзейсніў брытанец Мэцью Уэб у 1875 годзе – ён плыў 21 час 45 хвілін. У 1926-м праліў упершыню пераплыла жанчына – амерыканка Гертруда Эдэрле, паказаўшы час 14 гадзін 39 хвілін.

Каб спроба была залічана, плывец павінен выконваць строгія правілы: без гідракасцюма, не датыкацца ды лодкі, а ежа перадаецца на вяроўцы ці шасце.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
поделиться